Не народ для ўрада, а ўрад для народа. Роўна год таму мне пашчасціла адправіць, напэўна, у апошні пуць нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. Пад суправаджэннем прэзідэнтаў, дэлегатаў і узброеных сілаў чатырох краінаў, парэшткі Каліноўскага прайшлі шлях праз увесь гістарычны цэнтр Вільні разам з дзесяткамі тысяч беларусаў, літоўцаў, палякаў ды ўкраінцаў. І зараз справа Каліноўскага засталася актуальнай менавіта для нашай краіны. «Не народ для ўрада, а ўрад для народа» — лаканічны, але вельмі выразны лёзунг, які павінен трымаць у галаве кожны беларус ці беларуска ў гэты лёсавырашальны час. Каліноўскі, натхнёны і малады, загінуў у 26 год. Яго забіла дзяржава, якая ўяўляла поўную супрацьлегласць гэтаму лёзунгу. Для Царскай Расіі прыгонны народ з'яўляўся не больш чым інструментам для экспансіі. Таксама і зараз, што для ўлады Расіі, што для ўлады Беларусі, пратэстуючыя, лекары, выкладчыкі ці АМАПаўцы аднолькава з'яўляюцца не больш, чым інструментамі для завахання персанальнай ўлады. Але ці ўсведамляе гэта ўсё насельніцтва? Пытанне рытарычнае. Менавіта на разуменні самастойнасці чалавечай адзінкі і павінна грунтавацца грамадзянская супольнасць, як і сучасная дзяржава ў агульным. І, напэўна, лепшым паказчыкам перамогі рэвалюцыі будзе не прыход Ціханоўскай ці кагосьці іншага да ўлады, а з'яўленне розных грамадскіх аб'яднанняў, партыяў ды рухаў. Бо гэта будзе азначаць разуменне людзей таго, што ўсё залежыць ад іх і толькі ад іх. А дзяржаўная ўлада — гэта не больш, чым зручны інструмент для абслугоўвання волі народа. Таму справа Каліноўскага і дагэтуль жыве 🙂

Теги других блогов: продвижение SEO Google